Меню
Спорт

Не спыніць, не стрымаць: футбалісты чэрвеньскага «Коласа» разграмілі барысаўскую «Гайну-1997» — 11:0

У мінулую суботу чэрвеньскі “Колас” катком прайшоўся па чарговаму саперніку ў чэмпіянаце Беларусі сярод каманд другой лігі. Пасля выязной перамогі над стаўбцоўскім “Кронанам” – 5:0, гэтым разам была бітая барысаўская “Гайна-1997” – 11:0.

Гасцявая каманда прыехала ў Чэрвень у статусе абсалютнага аўтсайдару чэмпіянату: у папярэдніх сямі матчах барысаўчане не здолелі набраць ніводнага ачка. З тым жа нулём ім давялося вяртацца дахаты.

Ужо на трэцяй хвіліне сустрэчы лік стаў 1:0 на карысць “Коласа”: гулец “Гайны-1997”, спрабуючы нейтралізаваць пагрозу сваім варотам пасля ўдару Сяргея Лізунова, менавіта ў іх і патрапіў. А яшчэ праз сем хвілін лепшы бамбардзір чэрвеньцаў запісаў на свой рахунак паўнавартасны гол. Атаку, якая да яго прывяла, пачаў з цэнтра поля Артур Купрэйчык. Ён зрабіў дакладную перадачу на Паўла Сёмкіна, той скіраваў мяч на ход Дзмітрыю Тамела, які прабіў у дальні вугал. Галкіпер барысаўчан не даў мячу заляцець у вароты, але не здолеў зафіксаваць яго ў руках, чым і скарыстаўся Сяргей Лізуноў. Ён жа ў другой палове першага тайма яшчэ раз падпільнаваў памылку барысаўскага варатара, які пасля дальняга ўдару Іллі Завадскага адбіў мяч перад сабой, а потым паклаў на газон Лізунова, каб перашкодзіць яму прабіць па варотах. Пенальці бездакорна выканаў наш галкіпер Вячаслаў Камінскі.

Другі тайм увогуле абярнуўся для “Гайны-1997” суцэльным жахам. Не прайшло і хвіліны пасля перапынку, як Дзяніс Сіманчык, які толькі што выйшаў на замену, прыцэльным ударам напружыў галкіпера гасцей. Той зноў не ўтрымаў мяч у руках, а Сяргей Лізуноў удала згуляў на дабіванні. Неўзабаве звязка Сіманчык – Лізуноў спрацавала яшчэ раз, і Сяргей аформіў хет-трык.

На гэтым “Колас” не спыніўся. Праз дзве хвіліны гарматным ударам з-за межаў штрафной пляцоўкі забіў Артур Купрэйчык, а яшчэ праз тры – вызначыўся Ілья Завадскі.
Як і ў матчы з “Кронанам”, не пакінуў поле без забітага мяча навабранец “Коласа” Дзмітрый Тамела: ён па-майстэрску скіраваў мяч у сетку прамым ударам са штрафнога. А далей быў бенефіс 16-гадовага дэбютанта нашай каманды Ільі Трапашкі, які выйшаў з лаўкі запасных. За паўгадзіны знаходжання на полі ён, скарыстаўшы перадачы Ільі Завадскага, Паўла Расолькі і ўласны сольны праход да варот, тройчы засмуціў галкіпера барысаўчан. Перамога 11:0 – рэкордная ў сучаснай гісторыі “Коласа”. Дагэтуль максімальным быў разгром “Беразіно” на сваім полі з лікам 10:0 на старце сезону ў 2023 годзе. Суботні поспех чэрвеньцаў дазволіў ім выйсці на трэцяе месца ў турнірнай табліцы групы “А”. Цяпер у нашых – найбольшая колькасць забітых мячоў сярод усіх каманд-саперніц – 29, а таксама найлепшая розніца забітых-прапушчаных мячоў – плюс 19.

 

 

Пасля фінальнага свістка футбалістаў “Коласа” віталі і віншавалі з выдатнай перамогай адданыя заўзятары. Дзеці, як звычайна, бралі ў гульцоў аўтографы і фатаграфаваліся з імі на памяць. Ну, а як жа без пасляматчавых каментарыяў?

Павел Расолька, паўабаронца “Коласа”:

– Магчыма, мая праца на полі не вельмі прыкметная. Але я і не імкнуся “цягнуць коўдру на сябе”: выконваю тыя функцыі, якія павінен выконваць. Гэта, найперш, дакладныя перадачы партнёрам. Вось сёння: завалодаў мячом, адпасаваў на Ілью Трапашку і ён забіў.
Зразумела, у гэтым матчы сапернік дазваляў нам гуляць. У сустрэчы з “Неманцом” лёгка не будзе. Важна, каб усе мы гэта ўсвядомілі і як след настроіліся на вельмі адказную гульню, якая павінна ўсё расставіць па сваіх месцах.

Дзмітрый Тамела, паўабаронца “Коласа”:

– У новай камандзе я асвоіўся хутка. Тут выдатны калектыў і прыязная атмасфера. Дзяніс Трапашка – мой даўні сябра, мы з ім разам гулялі, таму, калі атрымаў прапанову прыйсці ў “Колас”, то доўга не вагаўся. Мы з Паўлам Расолькам завяршылі кар’еру ў прафесійным футболе, таму зараз на аматарскім узроўні проста атрымліваем задавальненне ад гульні і ад таго, што наш вопыт запатрабаваны. Нас папрасілі дапамагчы камандзе, і мы стараемся гэта рабіць максімальна эфектыўна.

Дзяніс Трапашка, галоўны трэнер “Коласа”:

– У гэтым матчы для мяне не столькі была важная колькасць забітых мячоў. Прыемна, што ўдалося пераканаць хлопцаў гуляць да канца, не скідаць абароты. Хаця разумею, што знайсці матывацыю ім было няпроста.

– Зусім нядаўна ў камандзе з’явіліся новыя лідары – Дзмітрый Тамела і Павел Расолька. Як ацэньваеце іх ролю?

– Я вельмі рады іх прыходу ў “Колас”. Дзмітрый і Павел адразу ж павысілі ўзровень канкурэнцыі ў камандзе. Акрамя таго, іх вопыт – вельмі каштоўны для нашай моладзі.

– Дарэчы, пра моладзь. Дэбют Ільі Трапашкі ў “Коласе” атрымаўся вельмі яскравым. Чакалі падобнага?

– З Ільёй я займаўся да таго, як мы перадалі яго ў “Слуцк”, амаль тры гады. Ведаю яго патэнцыял, і скажу, што тры мячы ў вароты “Гайны-1997” – не мяжа магчымасцяў Ільі. Хлопцу ўсяго шаснаццаць гадоў, і яго патэнцыял яшчэ не цалкам раскрыты.

– Ёсць усведамленне таго, што “Гайна-1997” – аб’ектыўна слабейшая каманда ў нашай групе, і да заканчэння другога круга такіх сапернікаў у “Коласа”, напэўна, ужо не будзе?

– А чаму многія лічаць, што барысаўчане згулялі слаба, а не мы – моцна? Так, у іх ёсць праблемы з саставам, але ж “Колас” не адбываў нумар на полі, і ўсе гэта бачылі.

– Я ў тым сэнсе: ці не расслабіць лёгкая перамога нашу каманду перад гульнёй з “Неманцом”?

– Ні ў якім разе. Мы рыхтуемся даць бой уздзенцам.

– Сёння на матчы было не дужа шмат заўзятараў…

– …Так, але падтрымка трыбун усё адно адчувалася. Дзякуй нашым адданым прыхільнікам!
Канешне, хацелася б, каб больш людзей прыходзіла на футбол. Магчыма, кагосьці напалохаў прагноз сіноптыкаў, якія абяцалі моцныя дажджы… Спадзяюся, што на матч з “Неманцом” збярэцца шмат заўзятараў. Тым больш, што ў тых, хто раней наракаў на невялікую колькасць мясцовых футбалістаў у “Коласе”, ужо няма аргументаў. У саставе каманды з’явіліся выхаванцы Чэрвеньскай ДЮСШ. Так што прыходзьце сем’ямі, прыводзьце на стадыён сяброў і падтрымлівайце нас!

Матч «Колас» – «Неманец» адбудзецца на стадыёне ДЮСШ 20 чэрвеня. Пачатак – у 16.00.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

“КОЛАС” (Чэрвень) – “ГАЙНА-1997” (Барысаў) – 11:0.
“Колас”: Камінскі, Сёмкін (Дарошка, 60), Лапшын, Шадурка (Камароўскі, 72), Весялоў, Калошкін (Сіманчык, 46), Завадскі (Пачасуй, 72), Расолька (Шмідаў, 81),Тамела (Трапашка Дзяніс, 81), Купрэйчык, Лізуноў (Трапашка Ілья, 60).
Галы ў “Коласа”: Федарэнкаў (3 – аўтагол), Лізуноў (10, 46, 53), Камінскі (33 – з пенальці), Купрэйчык (55), Завадскі (57), Тамела (64), Трапашка Ілья (68, 73, 80).

 

 

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также