Меню
Спорт

Удзесяцёх супраць адзінаццаці: футбалісты чэрвеньскага «Коласа» перамаглі «Неманец» з Узды

У мінулую суботу чэрвеньскі “Колас”  адолеў на той момант лідара групы «А» – уздзенскі «Неманец». Гэтая перамога стала для нашай каманды трэцяй запар у чэмпіянаце.

Хатні матч з уздзенцамі быў надзвычай важным для “Коласа” як у турнірным, так і ў псіхалагічным плане. Бо адна справа – разносіць у трэскі аўтсайдара – барысаўскую “Гайну-1997” – і зусім іншая – супрацьстаяць саперніку, якому ў першым крузе прайгралі 0:5.

У складзе абедзвюх каманд сёння ёсць футбалісты, якія шмат гадоў гулялі ў чэмпіянаце краіны на прафесійным узроўні, у вышэйшай і першай лігах. Іх вопыт і майстэрства – адзін з вызначальных фактараў поспеху калектываў, якія спаборнічаюць на аматарскім узроўні. І, па сутнасці, матч “Колас” – “Неманец” шмат у чым стаў бітвай такіх прафесіяналаў.

На жаль, для чэрвеньцаў гэтая бітва пачалася з вялікіх непрыемнасцяў. Ужо на чацвёртай хвіліне гульні яе галоўны арбітр ці не залішне сурова пакараў гульца “Коласа” Юрыя Весялова за парушэнне правілаў на саперніку, які валодаў мячом у атацы. Рэферы расцаніў гэты эпізод як фол “апошняй надзеі” і паказаў нашаму цэнтральнаму абаронцу чырвоную картку, хаця мог абмежавацца папярэджаннем.

Зрэшты, неабходнасць праводзіць практычна ўвесь матч удзесяцёх супраць адзінаццаці дадаткова матывавала гаспадароў поля. Нашы футбалісты пачалі гуляць “за сябе і за таго хлопца” так, што часам пра колькасную перавагу уздзенцаў можна было забыцца. Калі трэба, яны дружна адыходзілі ў абарону, але пры гэтым памяталі, што праводзяць матч у родных сценах.

За некалькі хвілін да перапынку поспех чэрвеньцам прынесла актыўнасць у атацы Віктара Арлоўскага, які летась правёў за “Колас” выдатны сезон, сёлета ў першым крузе гуляў за “Неманец”, а зараз вярнуўся туды, дзе яго памятаюць і любяць заўзятары. Менавіта на ім госці парушылі правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы. Лік сваім мячам у “Коласе”, па-майстэрску рэалізаваўшы пенальці, адкрыў Павел Расолька.

Як высветлілася, гэтае ўзяцце варот стала не толькі першым, але і апошнім у матчы. Хаця пасля перапынку нашы маглі забіць яшчэ неаднойчы. Асабліва напружваў абарону і галкіпера “Неманца” выхаванец чэрвеньскага футбола Ілья Трапашка, які выйшаў на поле замест Сяргея Лізунова.

Дзякуючы валявой і цалкам заслужанай перамозе, «Колас» узняўся на трэці радок у турнірнай табліцы групы “А”. Адставанне ад “Неманца” цяпер складае ўсяго адно ачко, а ад “Салігорска-2”, які ідзе на першым месцы, – тры.

Пасляматчавы каментарый галоўнага трэнера “Коласа” Дзяніса Трапашкі:

– Хлопцы сёння – сапраўдныя героі. Такой гарачынёй удзесяцёх годна змагаліся за перамогу з лідарам групы. Асобная ўдзячнасць – Паўлу Расольку, які пасля выдалення Юрыя Весялова надзейна згуляў на пазіцыі цэнтральнага абаронцы. Пры гэтым мы не адбіваліся, а цалкам кантралявалі ход матча. І, калі б атрымалася рэалізаваць усе галявыя моманты, то лік, прынамсі, мог быць 5:0 на нашу карысць. Зразумела, хлопцы, гуляючы ў меншасці, выдаткавалі шмат фізічных сіл, таму адна з галоўных задач зараз – максімальна аднавіць іх да наступнага матча.

– Наколькі, на Вашу думку, аб’ектыўным было выдаленне Юрыя Весялова?

– Па вялікаму рахунку, я не маю права каментаваць рашэнне рэферы… Там было адзінаборства, трэба пераглядаць відэазапіс і дэталёва разбірацца. Канешне, як трэнер, я буду на баку свайго гульца. Але гэта суб’ектыўнае меркаванне.

– Ці можна назваць адным з чыннікаў сённяшняга поспеху вяртанне ў каманду Віктара Арлоўскага?

– Безумоўна! І для самога Віктара, які правёў першы круг чэмпіянату ў “Неманцы”, выхад у стартавым саставе супраць былых аднаклубнікаў стаў дадатковай матывацыяй. Я рады, што мы хутка дамовіліся з ім пра вяртанне ў “Колас”. Гэта – якаснае ўзмацненне на другі круг.

Віктар сёння зарабіў пенальці і двойчы мог забіць. Перакананы, што ён будзе дадаваць ад гульні да гульні і яшчэ пакажа сябе.

– Пасля сённяшняй перамогі “Колас” мае рэальныя шанцы завяршыць групавы этап чэмпіянату на першым месцы. Ці гэта не так важна, бо ў фінальную частку спаборніцтваў можна выйсці і з чацвёртага месца ў групе?

– Заўсёды хочацца мець найлепшы вынік. Я сам зараджаны выключна на перамогу над любым сапернікам, і кожны, хто гуляе ў “Коласе”, – максімаліст. Таму – толькі наперад!

27 чэрвеня «Колас» згуляе на сваім полі з ФСК «Слуцк». Гульня адбудзецца на  стадыёне Чэрвеньскай ДЮСШ. Пачатак – у 13.00.

  Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

“КОЛАС” (Чэрвень) – “НЕМАНЕЦ” (Узда) – 1:0.
“Колас”: Камінскі, Шадурка, Весялоў, Срыбненка (Казлоўскі, 46), Шугункоў, Завадскі, Расолька, Бурэц (Сёмкін, 46), Тамела, Арлоўскі (Пілецкі, 79), Лізуноў (Трапашка Ілья, 63).
Гол у “Коласа”: Расолька (42 – з пенальці).

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также