Меню
Общество

Мішку баяцца – у лес не хадзіць?

Праўда і плёткі пра касалапых на Чэрвеньшчыне

Пра мядзведзяў у нашым раёне не было чутно даўнавата. Апошні выпадак, які на памяці – трохгадовай даўніны.

Восенню 2023-га мядзведзя неаднойчы бачылі і нават фатаграфавалі ў наваколлі вёсак Ведрыца, Красіна і Хутар. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, ён хадзіў зусім побач з прыпынкам ля “магілёўкі” і нават перабіраўся праз яе, а адпачываў у кукурузе, што расла за магазінам.

Сёлета ж інтэрнэт літаральна запаланілі навіны пра касалапых. Асабліва на слыху – суседнія Барысаўскі і Смалявіцкі раёны. Напрыклад, на Барысаўшчыне, дзе былі выпадкі паранення мядзведзяў падчас палявання, мясцовых жыхароў заклікалі ўстрымацца ад наведвання лясоў.

А што ў нас?

Натуральна, што лепш за ўсіх сітуацыяй валодаюць людзі, якія непасрэдна звязаныя з паляваннем і лесам.

Дзмітрый Сергіеня, вядучы паляўніцтвазнаўца Чэрвеньскай паляўнічай гаспадаркі:

– Тэрыторыя нашай гаспадаркі ахоплівае большую частку раёна – 93 тысячы гектараў.

Яшчэ сем гадоў таму мядзведзі тут не сустракаліся ўвогуле. А зараз, паводле штогадовага ўліку дзікіх жывёл, маем іх на тэрыторыі гаспадаркі 14 асобін. Найчасцей мядзведзі блукаюць у лясных масівах паблізу вёсак Хутар, Горкі, Ляды, Рудня, Уборкі, Нежаўка і Грабёнка.

Ужывую нашы паляўнічыя фіксуюць іх пераважна ноччу праз цеплавізар. Напрыклад, ля Нежаўкі бачылі самку з двума медзведзянятамі, ля Амяло – з адным. Трапляюцца мядзведзі і на фотапасткі.

Сёлета назіралі, як з лесу ў раёне Грабёнкі штодня, бы па раскладу, у адзін і той жа час мядзведзь выходзіў на поле сілкавацца пшаніцай. А яшчэ касалапыя ў розных месцах прыходзяць на палеткі  ласавацца кукурузай.

Асабіста мне даводзілася не толькі бачыць мядзведзя, але і паляваць на яго. Такую магчымасць атрымаў праз латарэю, якую ладзіць Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, выйграўшы адпаведны дазвол. Выязджаў на паляванне ў Барысаўскі раён, але мядзведзя не здабыў: выйшла самка, і я яе пашкадаваў.

Не думаю, што людзям варта асабліва непакоіцца з-за з’яўлення ў раёне мядзведзяў. Без нагоды яны не будуць нападаць на чалавека, бо не галодныя, як, напрыклад, у некаторых рэгіёнах Расіі: у лесе і на палетках гаспадарак ежы хапае. Хіба што сустрэць самку з медзведзянятамі – сапраўдная небяспека.

Аляксей Чэрнік, інжынер-паляўніцтвазнаўца Чэрвеньскага лясгаса:

– Па выніках апошняга круглагадовага картавання сустрэч і слядоў дзікіх жывёл, у нашых паляўнічых угоддзях ёсць два мядзведзі.

Таксама гэтыя звяры перыядычна заходзяць да нас з суседняга Барысаўскага раёна. Іх сляды фіксуем у лясах паміж вёскамі Глухое і Градно. Сёлета паляўнічыя бачылі аднаго

мядзведзя падчас начнога палявання на лася. Мне самому раней даводзілася двойчы сустракацца з касалапымі таксама на паляванні ўначы.

Як нараджаюцца плёткі

Літаральна тыдзень таму знаёмы распавёў мне, што бачыў у сацыяльных сетках відэа з фотапасткі, на якое патрапіла мядзведзіца з двума медзведзянятамі. І нібыта адбылося гэта на тэрыторыі Чэрвеньскага лясніцтва. Знайшоў я тое відэа і ўсміхнуўся. Напісана: Чаранеўскае лясніцтва (гэта – Барысаўскі раён). Калі па-руску – “Череневское”. Па напісанню падобна на “Червенское”, асабліва, калі чытаць у школе як след не навучылі. Вось так і нараджаюцца плёткі.

Падобна, адсюль жа растуць ногі і ў жахлівых расповедаў пра тое, што мядзведзі ўжо гуляюць у Чэрвені па лесапарку “Загор’е” і ля пасёлка Мірны: пераварочваюць сметніцы, аб’ядаюць чарнаплодную рабіну ў дэндрапарку. Нібыта іх нават фотапасткі зазнялі. Дзесьці хтосьці бачыў мядзведжыя сляды… Але доказаў – ніякіх. Інакш відавочцы ўжо даўно выклалі б іх у інтэрнэт.

– За два гады маёй працы ніводная наша фотапастка, у тым ліку і ў лесапарку, дзе вядзецца кантроль за тым каб людзі не выкідвалі смецце, мядзведзяў не фіксавала, – распавёў начальнік аддзела аховы лесу Чэрвеньскага лясгаса Сяргей Каўзуновіч. – Трапляліся зайцы, казулі і нават рысь, але, каб мядзведзь, то не… 

Дарэчы, пра інтэрнэт. Бачыў у сацсетках фота, на якім мядзведзь нібыта стаіць на дарозе ля Мсціслаўля. Большасць каментарыяў да здымка – недаверлівыя: маўляў – фэйк, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту. А адзін з каментатараў нават прадэманстраваў, што падмяніць рэальнасць выдумкай сёння лёгка, замяніўшы мядзведзя на фота спачатку на жырафу, а потым – на асла. Адным словам, смех дый годзе.

Дык што рабіць?

Хадзіць, ці не хадзіць у грыбы – асабісты выбар кожнага. Аднак, мяркуючы па колькасці машын на ўзбочынах дарог пры лясах і фота поўных кошыкаў у сацсетках, спрадвечная звычка збіральніцтва наўрад ці нас пакіне нават пад пагрозай сустрэчы з мядзведзем. Тым больш, што не чутно каб на нашых абшарах касалапы кагосьці пакалечыў ці з’еў. Аднак асцярога, вядома ж, не зашкодзіць.

Ігар АДАМОВІЧ

Як сябе паводзіць пры сустрэчы з мядзведзем

– Не бяжыце. Мядзведзь бегае нашмат хутчэй чалавека (да 50-60 кіламетраў у гадзіну), а бег запускае ў яго інстынкт пераследу здабычы.

– Не глядзіце ў вочы. Прамы позірк драпежнік успрымае як выклік да барацьбы.

– Візуальна павялічцеся. Узніміце рукі ўверх, расхініце куртку ці ўзніміце над галавой заплечнік, каб здавацца большым.

– Размаўляйце спакойна. Падавайце голас упэўнена, але не гучным і не вісклівым тонам, паказваючы, што вы чалавек.

– Павольна. Сыходзіце па дыяганалі, пазіраючы на мядзведзя.

– Калі мядзведзь блізка ці выяўляе агрэсію – спыніцеся. Калі звер ідзе за вамі, замрыце і не рабіце рэзкіх рухаў.

– Шуміце. Выкарыстоўвайце свісток, пляскайце ў ладкі ці гучна і ўпэўнена крычыце.

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также