Без крамы, але з таварамі
Сітуацыя з нядаўнім закрыццём магазіна ў вёсцы Калодзежы выклікала шырокі розгалас. Напрыканцы мінулага тыдня ў TikTok з’явілася эмацыйнае відэа, у якім жанчына ад імя мясцовых жыхароў выказала шкадаванне з гэтай нагоды і просьбу дапамагчы захаваць краму.
Намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Любоў Булойчык, да якой мы звярнуліся па каментарый, адзначыла: закрыццё магазіна – вымушаная эканамічная неабходнасць, але гэта не азначае, што жыхары застануцца без тавараў і ўвагі.
Чаму магазін прадаюць?
– Будынак магазіна ў Калодзежах даўно выстаўлены на аўкцыён, – распавяла Любоў Булойчык. – Таргі ладзілі некалькі разоў, апошнія — 7 кастрычніка — зноў не адбыліся. Пачатковы кошт аб’екта — 10 тысяч рублёў, але жадаючых набыць яго няма. Зараз праводзіцца пераацэнка будынка з паніжэннем цаны, пасля чаго ён зноў будзе выстаўлены на аўкцыён.
Прычына закрыцця магазіна, дзе апошнім часам гандлявалі прыватнікі, простая: колькасць жыхароў скарачаецца (на 1 студзеня ў вёсцы жыло 144 чалавекі, зараз – яшчэ менш), адпаведна, невысокі і таваразварот. Таму ўтрымліваць стацыянарны магазін эканамічна немэтазгодна.

Што замест?
Натуральна, што нават без стацыянарнага гандлёвага аб’екта жыхары Калодзежаў не застаюцца без забеспячэння таварамі.
– Паводле сацыяльных стандартаў, у населеныя пункты з колькасцю да 200 чалавек аўталаўка павінна прыязджаць не менш за два разы на тыдзень, – заўважыла Любоў Булойчык. – У Калодзежы яна ходзіць пяць разоў на тыдзень. Па серадах і суботах прыязджае аўталаўка Бярэзінскага райспажыўтаварыства, па аўторках – «Добрая аўталаўка», па панядзелках і пятніцах – аўталаўка прыватнага прадпрыемства «Белаўтапрадгандаль».

Паколькі вёска мае працягласць больш за сем кіламетраў, жыхарам важна, каб машына спынялася бліжэй да дома. Аўталаўка райспажыўтаварыства робіць восем прыпынкаў, «Добрая аўталаўка» – пяць, аўталаўка «Белаўтапрадгандлю» – два. Калі ўзнікне неабходнасць, мы гатовыя абмеркаваць з жыхарамі павелічэнне колькасці прыпынкаў.
Што тычыцца асартыменту тавараў у аўтамагазінах, то мы разам з сельвыканкамам пастаянна праводзім маніторынг. Так, здараецца, што па шляху нейкі тавар цалкам распрадаецца. Напрыклад, нядаўна ў праверанай аўталаўцы не было свежамарожанай рыбы, бо адзін пакупнік адразу набыў пяць упаковак, і гэта яго права. Часам пэўнага тавару не хапае да апошняга пункта. Але на наступны дзень прыязджае іншая аўталаўка, і тавар ёсць. У Калодзежы ездзяць тры розныя аўтамагазіны з розным асартыментам: калі штосьці не падабаецца ў адным, можна набыць па густу ў іншым.
Што кажуць людзі?
Як распавяла Любоў Булойчык, на мінулым тыдні, яшчэ да з’яўлення відэа ў TikTok, яна двойчы выязджала ў Калодзежы, каб пагутарыць з вяскоўцамі:

– Высветлілася, што некаторыя проста не ведаюць, дзе спыняюцца аўталаўкі, і не цікавяцца гэтым. Чаму? Бо з Калодзежаў да Чэрвеня – нейкіх дзесяць кіламетраў, і тыя, хто мае ўласны транспарт, ездзяць па тавары ў райцэнтр…
Што да закрыцця магазіна, то больш грунтоўнае вывучэнне сітуацыі засведчыла: частка мясцовых жыхароў сапраўды балюча перажывае гэтую падзею. І справа тут не толькі, а, мо, і не столькі ў страце звыклай магчымасці нетаропка агледзець увесь асартымент тавару на паліцах у будынку, а не праз вакенца аўтафургона. Справа – у жывых стасунках паміж сабою, у месцы сустрэчы, якое змяніць нельга. І такім месцам для многіх вяскоўцоў спрадвеку быў магазін.
Таму не дзіва, што па выніках апытання, якое падчас падворнага абыходу Калодзежаў наладзілі па гарачых слядах спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама і супрацоўнікі сельвыканкама, меркаванні і прыхільнасці вяскоўцаў падзяліліся. Як распавяла старшыня Калодзежскага сельвыканкама Людміла Пасудзеўская, 33 жыхары адказалі, што праца аўталавак іх задавальняе, 21 – выказалі заўвагі. Сярод іх – не заўсёды своечасовы прыезд. Таксама былі нараканні на нясвежы хлеб у аўтамагазіне райспажыўтаварыства.
Ёсць прапанова!
Падчас падворнага абыходу жыхароў Калодзежаў прадстаўнікі раённай і мясцовай уладаў завіталі да Ірыны Пятроўны Пятроўскай, якая агучвала праблему закрыцця мясцовага магазіна праз відэа ў TikTok. Гутарка з ёй засведчыла, што жанчына сапраўды неабыякавая да ўсяго, што адбываецца ў вёсцы і шчыра жадае, каб яе насельнікі мелі магчымасць жыць паўнавартасным жыццём, у тым ліку, з карысцю для душы бавіць вольны час.

Калі гаворка зноў зайшла пра закрытую краму як месца для стасункаў, старшыня сельвыканкама Людміла Пасудзеўская прапанавала абмеркаваць з Чэрвеньскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва варыянты далучэння актыўных вяскоўцаў сталага ўзросту з Калодзежаў да ўдзелу ў клубах па інтарэсах, створаных там.
Магчыма, такім чынам будзе знойдзены дадатковы баланс паміж эканамічнай мэтазгоднасцю і патрэбамі мясцовых жыхароў. Бо важна, каб людзі былі пачутыя, а вёска жыла.
Ігар АДАМОВІЧ