Перазагрузка 5.0: футбалісты чэрвеньскага «Коласа» разграмілі ў гасцях «Кронан» (Стоўбцы)
Футбалісты чэрвеньскага «Коласа» на мажорнай ноце завяршылі першы круг рэгіянальнага этапу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі, разграміўшы на выездзе стаўбцоўскі «Кронан».
Пасля двух запар паражэнняў, ад смалявіцкага “Спутніка” ў гасцях і “Салігорска-2” на сваім полі, “Колас” апынуўся ў непрыемным турнірным становішчы. Яшчэ адна няўдача – і, напэўна, давялося б змагацца за права выйсці з групы з яе сённяшнімі аўтсайдарамі. На шчасце, горшага не здарылася. Наадварот, вынік матча з “Кронанам” даў чэрвеньцам магчымасць псіхалагічна перазагрузіцца.

Поспеху шмат у чым паспрыяла адкрыццё “трансфернага акна”, падчас якога дазваляецца дазаяўляць гульцоў. Трэнерскі штаб “Коласа” скарыстаўся ім у першыя ж дні: напярэдадні суперважнай выязной сустрэчы з “Кронанам” у саставе нашай каманды з’явіліся новыя футбалісты. За плячыма двух з іх – сотні матчаў на прафесійным узроўні.

33-гадовы Дзмітрый Тамела, які гуляе на пазіцыях паўабаронцы і нападаючага, выступаў за каманды вышэйшай і першай ліг чэмпіянату Беларусі – «Зорка-БДУ» (Мінск), «Тарпеда» (Мінск), «Нафтан» (Наваполацк), «Смаргонь», «Орша». Сёлетні сезон ён пачынаў у камандзе другой лігі чэмпіянату Беларусі «Полацк-2019» і ў чатырох гульнях забіў тры мячы. Таксама з “Полацка-2019” перайшоў у “Колас” цэнтральны паўабаронца Павел Расолька. За плячыма 33-гадовага гульца – выступленні за “Луч” (Мінск), «Валну» (Пінск), «Крумкачы» (Мінск), «Нафтан» (Наваполацк), «Маладзечна 2018», «Оршу» і “Баранавічы”. Трэці навабранец “Коласа” – Данііл Дарошка. Ён гуляў за дублюючы састаў сталічнай “Іслачы”, а таксама за “Энергетык-БДАТУ” (Мінск), “Старыя Дарогі”, “Адзінства” (Дзяржынск), “Ураджайную” (Мінскі раён), “Трактар” (Мінск) і “Крумкачы” (Мінск).
Менавіта Дзмітрый і Павел вялі рэй у матчы з “Кронанам”, усяляючы сваімі прафесійнымі дзеяннямі ўпэўненасць у партнёраў. Дзякуючы гэтаму, “Колас” яшчэ да перапынку забяспечыў сабе трывалую перавагу не толькі ў валоданні гульнявой ініцыятывай, але і ў ліку. Тры галявыя моманты ўзніклі пасля выдатных навесаў ў непасрэдную блізкасць да варот саперніка, якія выканаў са штрафнога і вуглавых Дзмітрый Тамела. Рэалізаваць іх не ўдалося, але неўзабаве лік з перадачы Ільі Завадскага адкрыў Сяргей Лізуноў. А яшчэ праз дзевяць хвілін атаку, што пачаў Павел Расолька, вынікова завяршыў абаронца Яўген Бунь, які, дарэчы, выйшаў на поле ў дзень свайго нараджэння. І, нарэшце, напрыканцы першага тайма з блізкай адлегласці паразіў вароты “Кронана” Павел Сёмкін, якому асісціраваў Іван Калошкін.

Лік 3:0 дазволіў нашым футбалістам пасля перапынку змяніць атакуючую мадэль гульні на абарончую, з разлікам на контратакі. Атрымалася, напэўна, менш відовішчна, чым у першым тайме, але не менш вынікова. На 53-й хвіліне першы гол у складзе “Коласа” з перадачы Івана Калошкіна забіў Дзмітрый Тамела, а на 70-й – канчатковы лік на табло – 5:0 – усталяваў Данііл Дарошка, які за дзесяць хвілін да гэтага замяніў Паўла Сёмкіна.
Каментарый спартыўнага дырэктара “Коласа” Дзмітрыя Чыстага:
– Лічу, што першую палову спаборніцтваў у групе мы правялі няблага, нягледзячы на тое, што тройчы саступілі. Чаму такая ацэнка? Бо ў каманды ніводнага разу не атрымалася сабрацца максімальна аптымальным саставам: то ў кагосьці траўма, то нявыкрутка на працы, то сямейныя праблемы. А калі даводзіцца выпраўляцца на выезд з двума-трыма запаснымі ігракамі, як правіла маладымі, цяжка разлічваць на станоўчы вынік. На жаль, моладзь пакуль аб’ектыўна не можа ўзмацніць гульню: пятнаццацігадовыя юнакі яшчэ толькі пачынаюць асвойвацца ў дарослым футболе, ім патрэбен час…
Зразумела, няўдалыя матчы – гэта глеба для роздуму і нагода для працы над памылкамі. Будзем рабіць высновы, у тым ліку – і кадравыя. Ужо з’явіліся і яшчэ з’явяцца новыя ігракі, а з кімсьці, не выключаю, давядзецца развітацца.
– Матч у Стоўбцах адрадзіў надзею на тое, што ў другім крузе гульня “Коласа” будзе больш стабільнай і прадказальнай?
– Надзея і не згасала. Яна заўсёды з намі. Тым больш, што паўнавартасна вяртаецца на трэнерскі мосцік Дзяніс Трапашка, які з-за загружанасці ў дзіцячым футболе не меў магчымасці стала працаваць з камандай у першым крузе. Так, мы ўзгаднялі з ім многія моманты дыстанцыйна, але непасрэдная прысутнасць галоўнага трэнера ў раздзявалцы і на броўцы, яго ўстаноўкі, безумоўна, дадуць гульцам свежы імпульс.
А матч з “Кронанам” сапраўды даў усім нам адчуць, што “Колас” – баяздольны калектыў. Вельмі спадзяюся, што ў другім крузе каманда не толькі працягне ў тым жа духу, але і пачне гуляць яшчэ магутней. Наша мэта – паспяхова выйсці з групы ў наступны этап спаборніцтваў і пазмагацца за прызавыя месцы ў дывізіёне “Мінская вобласць”, што дасць магчымасць трапіць у фінальны этап чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі. Мы вельмі гэтага жадаем. І ўсе перадумовы для таго, каб жаданне спраўдзілася, ёсць.
Наперадзе – тры хатнія гульні. Кіраўніцтва, трэнерскі штаб “Коласа” і ўся каманда разлічваюць на актыўную падтрымку заўзятараў. Чакаем, што на трыбунах збярэцца няхай сабе і не аншлаг, як падчас прыезду Аляксандра Саладухі, але хаця б паўтысячы. Разам пераможам!

Сёння «Колас» пачне другі тур занальнага этапу чэмпіянату матчам у Чэрвені з барысаўскай «Гайнай-1997». Пачатак – у 16.00.
Дзве наступныя сустрэчы (20-21 і 27-28 чэрвеня) нашай каманда таксама правядзе на сваім полі. Дакладныя дні і час пачатку гульняў стануць вядомымі пазней. Сачыце за інфармацыяй у сацыяльных сетках «Раённага весніка» і «Коласа»!
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара
“КРОНАН” (Стоўбцы) – “КОЛАС” (Чэрвень) – 0:5.
“Колас”: Лойка, Бунь (Пачасуй, 77), Джугір, Весялоў, Шугункоў, Завадскі, Расолька (Няхай, 82), Сёмкін (Дарошка, 62), Калошкін, Тамела, Лізуноў (Трапашка, 82).
Галы ў “Коласа”: Лізуноў (21), Бунь (30), Сёмкін (42), Тамела (54), Дарошка (72).