Меню
Спорт

Усё вырашыў пенальці: чэрвеньскі «Колас» прайграў у Смалявічах

Выязны матч чэрвеньцаў са смалявіцкім “Спутнікам” значыўся ў афішы мінулых выхадных у групе “А” апошнім. Пасля суботняй няўдачы “Салігорска-2”, які на сваім полі мінімальна саступіў “Бабоўні”, “Колас” займеў шанц разам са стаўбцоўскім “Кронанам” замацавацца на вяршыні турнірнай табліцы. Натуральна, для гэтага трэба было перамагаць “Спутнік”.

Летась каманды гулялі ў розных групах чэмпіянату, аднак лёс звёў іх у паўфінале Кубка Мінскай вобласці. Тады нашы саступілі смалявіччанам у гасцях – 1:2, а дома ўзялі верх з лікам 3:0 і выйшлі ў фінал. Але гэта – усяго толькі старонка нядаўняй гісторыі. У нядзелю ж “Коласу” і “Спутніку” нанова давялося даказваць, хто з іх мацнейшы.

Нашы футбалісты падышлі да гэтага матча не без кадравых страт. Але нават у адсутнасць лепшага бамбардзіра Сяргея Лізунова трэнерскі штаб не рызыкнуў выставіць у стартавым саставе Мікіту Шугункова, які ў сёлетнім сезоне яшчэ не меў гульнявой практыкі. У выніку ўпершыню ў сустрэчах за “Колас” “чыстага” нападаючага згуляў Дзмітрый Купнеўскі, хаця гэта і ёсць яго сапраўднае амплуа.

Гаспадары поля з першых хвілін узялі мяч пад кантроль. А вось у чэрвеньцаў з гэтым былі вялікія праблемы. Як следства, нашаму галкіперу Вячаславу Камінскаму працы хапала, а колькасць удараў па варотах “Спутніка” ў першым тайме лёгка змясцілася на пальцах адной рукі. Тры-чатыры моманты, якія стварылі смалявіччане былі па-сапраўднаму галявымі. Зрэшты, і ў “Коласа” быў шанц адкрыць лік, але Дзмітрый Купнеўскі з блізкай адлегласці прабіў проста ў галкіпера. Такім чынам, каманды пайшлі на перапынак пры стартавых нулях на табло.

Пачатак другога тайма па малюнку гульні не адрозніваўся ад першай паловы сустрэчы. Ініцыятывай валодаў “Спутнік”. “Колас” беспаспяхова спрабаваў наладзіць дзеянні ў атацы. А потым надышла 62-я хвіліна матча. Вячаслаў Камінскі, далёка выбіваючы мяч у поле, незнарок адрасаваў перадачу саперніку. Так пачалася незапланаваная атака “Спутніка”, якая завяршылася тым, што рэферы зафіксаваў парушэнне правілаў на футбалісце смалявіцкай каманды ў нашай штрафной пляцоўцы. Пенальці рэалізаваў былы гулец “Коласа” Антон Багданаў.

Павёўшы ў ліку, гаспадары поля ўжо не імчалі стрымгалоў наперад. Але нашым гэта мала дапамагло. У іх штосьці пачало атрымлівацца ў атацы толькі пасля таго, як рэферы пакінуў “Спутнік” удзесяцёх, паказаўшы гульцу смалявіччан другую жоўтую картку. Аднак скарыстацца колькаснай перавагай “Колас” не паспеў: літаральна праз восем хвілін другі “гарчычнік” атрымаў наш цэнтральны абаронца Ілья Джугір, і саставы зноў сталі роўнымі.

Канцоўка сустрэчы выдалася нярвовай. “Спутнік” пачаў выразна гуляць на ўтрыманне ліку, пры любой магчымасці зацягваючы час. Чэрвеньцы спяшаліся, страчваючы зручныя моманты для ўзяцця варот, і, хаця змагаліся да апошняга, саступілі – 0:1.

Пасляматчавы каментарый спартыўнага дырэктара “Коласа” Дзмітрыя Чыстага:

– Першы тайм згулялі абы як… Ужо на размінцы было відаць, што баявога настрою няма. Гэта перадалося і на матч. Калі б не надзейная гульня ў варотах Вячаслава Камінскага, то да перапынку маглі прапусціць, і нават не адзін раз. “Прачнуліся” ў другім тайме, пры ліку 0:1, але футбольны бог не даруе расслабленасці, таму, мабыць, і не ўдалося выратаваць матч.

Мяркую, што на выніку адбілася і адсутнасць у саставе Сяргея Лізунова, Андрэя Лапшына, а таксама – нашага галоўнага трэнера Дзяніса Трапашкі, які ў гэты дзень са сваімі юнымі выхаванцамі ДЮСШ выступаў ў фінальным абласным турніры. Сёлета ў Дзяніса Мікалаевіча дадалося нагрузкі ў дзіцячым футболе, таму падобныя сітуацыі час ад часу могуць здарацца. Хочацца, каб балельшчыкі ставіліся да гэтага з разуменнем. 

– У шостым туры «Коласу» гуляць з «Салігорскам-2». Так, па саставу гэта ўжо не той «Салігорск», які быў у мінулым сезоне. Але, як лічыце, будзе бітва?

– Салігорск заўсёды быў адметны падборам моцных гульцоў. Горад вялікі, ёсць з каго выбіраць. У дадатак ў іх ёсць свая футбольная акадэмія… Зараз за каманду гуляе шмат моладзі. Магчыма, ёй бракуе вопыту, майстэрства, але жадання і юнацкага запалу – не пазычаць. Таму, мяркую, гульня будзе цікавай і напружанай. Запрашаю ўсіх заўзятараў прыйсці на трыбуны і падтрымаць “Колас”.      

Матч “Колас” (Чэрвень) – “Салігорск-2” адбудзецца ў суботу, 30 мая, на стадыёне Чэрвеньскай ДЮСШ. Пачатак – у 15.00.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

“СПУТНІК” (Смалявічы) – “КОЛАС” (Чэрвень) – 1:0.
“Колас”: Камінскі, Весялоў, Джугір, Срыбненка, Бунь (Няхай, 61), Сіманчык (Крук, 81), Купрэйчык, Завадскі, Сёмкін (Шугункоў, 65), Бурэц, Купнеўскі.

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также