Футбол: чэрвеньскі «Колас» разгромна прайграў камандзе з Узды
У другім туры рэгіянальнага этапу чэмпіянату чэрвеньскі “Колас” сустракаўся з уздзенскім “Неманцом”. Гульня, якая праходзіла ў Мар’інай Горцы, абярнулася для нашых футбалістаў нечакана буйным паражэннем.

Каманда з Узды была намінальным гаспадаром матча, але не здолела прыняць “Колас” на сваім стадыёне. І гэта стала неблагім бонусам для чэрвеньцаў, бо выязная адлегласць скарацілася ўтрая. А некаторыя мясцовыя футбольныя спецыялісты нават выказвалі думку, што на мар’інагорскім стадыёне нашым будзе гуляць зручней, чым сапернікам.
Аднак уздзенцы даволі хутка асвоіліся з нейтральным полем і ў самым дэбюце сустрэчы стварылі ля варот Паўла Сіліча два небяспечныя моманты. Але і “Колас” адказаў вострым выпадам: мяч пасля ўдару Івана Калошкіна з дальняй дыстанцыі ляцеў дакладна ў “дзявятку”, аднак галкіпер “Неманца” перавёў яго на вуглавы.
У тым эпізодзе забіць са стандарту нашым не ўдалося. А вось уздзенцы неўзабаве паказалі ў гэтым кампаненце майстар-клас. На 21-й хвіліне гульні пасля навесу з вуглавога мяч патрапіў у газон, ад яго – у штангу, і гулец “Неманца”, падпільнаваўшы адскок, літаральна з лініі варот галавой скіраваў яго ў сетку.
Ужо ў наступнай атацы чэрвеньцы падавалі два вуглавыя запар, але зноў без вастрыні. А уздзенцы праз тры хвіліны забілі другі мяч, і зноў – пасля навесу з вуглавога, з таго ж флангу.

Рэшту першага тайма футбалісты “Неманца” гулялі па ліку, не асабліва актыўна ідучы ў атаку. Але і нашым атакаваць не давалі, раз-пораз “уключаючы” высокі прэсінг.
Пасля перапынку і без таго кароткая лаўка запасных “Коласа” стала яшчэ карацейшай. На вароты замест Паўла Сіліча стаў Уладзімір Лойка, а Івана Калошкіна, які адчуў недамаганне, замяніў Павел Клімовіч.

У пачатку другога тайма чэрвеньцы на пэўны час перахапілі ў “Неманца” гульнявую ініцыятыву. Рэальны шанц скараціць разрыў у ліку меў Сяргей Лізуноў, але ўдар у яго не атрымаўся, і мяч стаў лёгкай здабычай галкіпера. Захапіўшыся атакамі ў спробе змяніць ход гульні, нашы футбалісты сталі ўразлівымі для контратак сапернікаў. Дзве з іх, на 55-й і 63-й хвілінах гульні, прывялі да ўзяцця варот “Коласа”.
Але нават саступаючы 0:4 чэрвеньцы не пакідалі спроб размачыць лік. Удары Лізунова, Сёмкіна, Джугіра, Весялова цалкам маглі стаць галявымі, але мяч у вароты не ішоў.

Адным з самых прыкметных гульцоў “Коласа” ў гэтым матчы стаў Ілья Завадскі: нястомны апорны паўабаронца зацята змагаўся з сапернікамі, адпрацоўваючы на полі, як кажуць, за сябе і за таго хлопца. А яшчэ каларытна выглядаў наш галкіпер Уладзімір Лойка. Дэбютант “Коласа”, хаця і прапусціў тры мячы (апошні – перад самым фінальным свістком), але зладзіў сапраўднае шоу для заўзятараў – з эфектнымі сэйвамі, а таксама не заўсёды ўдалымі далёкімі выхадамі з варот.
Пасляматчавы каментарый спартыўнага дырэктара “Коласа” Дзмітрыя Чыстага:
– Пачалі нядрэнна. Нават мелі магчымасць забіць першымі. А потым надарыліся два вуглавыя на нашыя вароты, з якіх сапернік выціснуў максімум…
– Што не атрымалася пры абароне сваіх варот у гэтых эпізодах?
– Не хацелася б кагосьці абвінавачваць… Але, напэўна, у першым эпізодзе Паша Сіліч павінен быў згуляць на выхадзе. На перадматчавай устаноўцы мы абмяркоўвалі, што розыгрышу стандартаў трэба ўдзяляць першачарговую ўвагу. Бо пры роўнай гульні менавіта яны адыгрываюць ключавую ролю. Так і атрымалася, але, на жаль, не на нашу карысць.
– Наколькі апраўданай была замена варатара ў перапынку? Сіліч прапусціў два мячы, Лойка – тры…
– З аднаго боку было ўсведамленне, што Пашы псіхалагічна цяжка працягваць гульню пасля двух мячоў, прапушчаных з вуглавых. З іншага – першапачаткова планавалася праверыць у справе другога галкіпера. У цэлым Валодзя паказаў сябе нядрэнна, за выключэннем хіба што эпізоду, калі ён прапусціў свой першы мяч у бліжні кут.
– Трэці мяч забіў нам Ян Герасёў, які сёлета перайшоў з «Коласа» ў «Неманец». Гэта крыўдна? Ці варта парадавацца за нашага былога гульца?
– Мяркую, тут няма чаго крыўдаваць. Парадавацца – так. Ян у мінулым сезоне няшмат забіў за “Колас”. Няхай гэты мяч надасць яму ўпэўненасці. Дарэчы, Ян валодае добрымі не толькі футбольнымі, але і чалавечымі якасцямі. Калі заўважылі, пасля ўзяцця варот ён паводзіў сябе па-мужчынску, не выказваў моцнай радасці, забіўшы нядаўнім аднаклубнікам.
Гэтак жа можна парадавацца за Віцю Кліміхіна, які перайшоў з “Коласа” ў стаўбцоўскі “Кронан”. Ён у другім туры аформіў дубль у вароты “Бабоўні”. Гэта сведчыць пра тое, што хлопцы прайшлі ў нашай камандзе добрую падрыхтоўку. Няхай забіваюць, толькі, пажадана, не нам.
– Ведаю, што на перадматчавай устаноўцы асаблівая ўвага звярталася на персанальную апеку забіўнога футбаліста сапернікаў Дзмітрыя Абражэвіча. Але і ён засмуціў «Колас». Чаму так атрымалася?
– Абражэвіч – форвард тараннага тыпу, высокі, нядрэнна гуляе галавой, хутка рухаецца. Мы разумелі, што асноўная пагроза будзе зыходзіць ад яго. Да пэўнага часу персанальна апякаць Дзмітрыя атрымоўвалася, але потым, калі лік вымушаў нас раскрывацца, вялікімі сіламі ісці наперад, пачалі з’яўляцца вольныя зоны, чым ён і скарыстаўся.
– Наступны сапернік «Коласа» – ФСК «Слуцк», які ў другім туры сенсацыйна перамог на выездзе «Гайну-1997» – 4:2. Летась мы лёгка абыгралі случчан на іх полі. Як мяркуеце, сёлета гуляць у Слуцку будзе цяжэй?
– Пабачым. Прынамсі, мы, як звычайна, плануем гуляць толькі на станоўчы вынік. Так, случчане малайцы, перамаглі “Гайну”. Дарэчы, адзін з мячоў у вароты барысаўчан забіў выхаванец Чэрвеньскай ДЮСШ Ілья Трапашка, якога мы планавалі заявіць за “Колас”, але не атрымалася з-за пэўных “папяровых” праблем.
Не выключана, што ў нас у саставе з’явяцца футбалісты, якія ў першых двух турах па розных прычынах не гулялі. Галоўнае, каб хлопцы аднавіліся псіхалагічна пасля паражэння ад “Неманца”. Хаця, па майму перакананню, такія паражэнні, наадварот, загартоўваюць, дадаюць спартыўнай злосці, жадання даказаць, што падобныя разгромы – выпадковасць, збег абставін.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара
“НЕМАНЕЦ” (Узда) – “КОЛАС” (Чэрвень) – 5:0.
“Колас”: Сіліч (Лойка, 46), Весялоў, Джугір, Лапшын, Бунь, Купнеўскі (Срыбненка, 68), Завадскі, Калошкін (Клімовіч, 46), Сёмкін, Бурэц, Лізуноў (Каваленка, 76).