Меню
 —  Спорт

Не наш Кубак: футбалісты чэрвеньскага «Коласа» згулялі на міжрэгіянальным турніры ў Бялынічах

Чэрвеньскі “Колас” мінулымі выхаднымі ўпершыню сабраўся перад пачаткам новага сезону. Нагодай для гэтага стаў міжрэгіянальны турнір “Кубак Бялынічаў”, у якім таксама ўдзельнічалі мясцовая “Друць”, “Энергетык” з Мінска і прысталічная “Ураджайная”.

Паводле рэгламенту спаборніцтваў, у суботу каманды згулялі паўфіналы: “Колас” сустрэўся з “Энергетыкам”, а “Друць” – з “Ураджайнай”.

“Колас” – “Энергетык” – 1:6

Стартавы састаў “Коласа”: Лойка, Весялоў, Грыбко, Лапшын, Аўраменка, Лізуноў, Купрэйчык, Бутэнас, Бурэц, Крук, Каваленка.
Гол у “Коласа”: Каваленка (42).

Пачатак сустрэчы прайшоў у роўнай барацьбе. Нашы ўжо на 6-й хвіліне матча мелі шанц адкрыць лік: Сяргей Лізуноў павінен быў трапляць у вароты з блізкай адлегласці, але галкіпер перавёў мяч на вуглавы. А літаральна праз дзве хвіліны спрацавала вядомая футбольная прыкмета: не забіваеш ты – забіваюць табе. Атака “Энергетыка” пачалася паблізу цэнтральнай лініі поля з розыгрышу спрэчнага штрафнога на яго карысць і завяршылася ўзяццем нашых варот.
Яшчэ праз дзесяць хвілін мінчане злавілі чэрвеньцаў на контратацы. Пры гэтым у эпізодзе, калі забіваўся другі мяч, галкіпер “Коласа” Уладзімір Лойка, для якога матч за нашу каманду быў дэбютным, няўдала згуляў на выхадзе.


Багатымі на падзеі выдаліся апошнія хвіліны першага тайма. Спачатку забілі чэрвеньцы: яшчэ адзін дэбютант, выхаванец мясцовай ДЮСШ Станіслаў Крук, перахапіў мяч у саперніка ля вугла штрафной пляцоўкі і зрабіў прастрэл уздоўж варот, які замкнуў Мікіта Каваленка.


Лік 1:2 пакідаў нашым неблагія перспектывы на другі тайм, але перад самым свістком на перапынак “Энергетык” вызначыўся трэці раз. Уладзімір Лойка як мог абараняўся, зрабіўшы два сэйвы, аднак мяч усё ж уляцеў у сетку варот “Коласа”.


Пасля перапынку на гульні нашай каманды відавочна адбілася кароткая лаўка запасных. Не вытрымаўшы ціску сапернікаў, чэрвеньцы прапусцілі яшчэ тройчы на працягу васьмі хвілін. Неўзабаве “Энергетык” уключыў рэжым эканоміі, трымаючы ў думках нядзельны фінальны матч. А ў гульцоў «Коласа» хапіла сіл хіба на тое, каб разгромны лік не стаў яшчэ большым. Так ці інакш, але лічбы на табло не змяніліся да фінальнага свістка.

“Колас” – “Ураджайная” – 2:3

Стартавы састаў “Коласа”: Сіліч, Весялоў, Джугір, Грыбко, Шугункоў, Бурэц, Завадскі, Сіманчык, Купрэйчык, Каваленка, Лізуноў.
Галы ў “Коласа”: Лізуноў (3), Каваленка (25).

У матчы за трэцяе месца, які адбыўся ў нядзелю, састаў “Коласа” ўзмацніўся, хаця і быў далёкім ад аптымальнага. А гол Сяргея Лізунова, які адзін з лепшых бамбардзіраў каманды забіў ужо на трэцяй хвіліне гульні, адразу ж дадаў аптымізму.

Бліжэй да сярэдзіны першага тайма “Ураджайная” здолела адыграцца, але неўзабаве Мікіта Каваленка зноў вывеў нашых наперад 2:1.

На жаль, на гэтым прыемныя падзеі для “Коласа” скончыліся. Бліжэй да перапынку ў сутыкненні з сапернікам атрымаў траўму і вымушаны быў пакінуць поле наш паўабаронца Дзяніс Сіманчык. І амаль адразу ж пасля паўзы падчас якой яму аказвалі медыцынскую дапамогу, “Ураджайная” параўнала лік – 2:2.
Раўнавага на табло была парушана неўзабаве пасля перапынку. Героем эпізоду, пасля якога гэта адбылося, стаў галоўны арбітр матча, які прызначыў у вароты “Коласа” даволі спрэчны пенальці пасля падзення гульца прысталічнай каманды ў нашай штрафной пляцоўцы.

Рэалізаваўшы адзінаццацімятровы, “Ураджайная” пачала гуляць на адбой, не саромеючыся рознымі спосабамі цягнуць час. Нашы атакавалі шмат, але безвынікова, чым дапамаглі сапернікам утрымаць пераможны лік 3:2.

Скончу гэты агляд каментарыем аднаго з заўзятараў “Коласа”, які ён пакінуў у тэлеграм-канале “Чэрвеньскі футбол”:

– Нічога страшнага. Няхай сабе першы блін – камяком. Зразумела, што састаў толькі нагульваецца, адказныя матчы ў хлопцаў наперадзе. Самае галоўнае: мы зноў убачым любімы “Колас”, і ў нас будзе магчымасць за яго заўзець!

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также