Юбіляр, капітан, галеадор: прыгожыя лічбы чэрвеньца Яўгена Яблонскага
Падчас сакавіцкіх таварыскіх матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі па футболу ў цэнтры ўсеагульнай увагі апынуўся наш зямляк Яўген Яблонскі.
Юбіляр
Напярэдадні матча з Кіпрам галоўны трэнер беларусаў Віктар Ганчарэнка павіншаваў выхаванца чэрвеньскага футбола, які зараз выступае за грэчаскі клуб “Астэрас” (Трыпалі), з правядзеннем пяцідзесяці матчаў у складзе зборнай.


Яўген Яблонскі дэбютаваў у галоўнай камандзе краіны 6 верасня 2019 года ў гасцявым паядынку адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2020 супраць зборнай Эстоніі. Ён выйшаў у стартавым складзе і правёў усю сустрэчу.
50-ы матч за зборную Беларусі Яблонскі згуляў 18 лістапада мінулага года ў кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2026 супраць Грэцыі (0:0), стаўшы 42 гульцом у гісторыі беларускага футбола, які дасягнуў гэтага рубяжу.
За 50 гульняў ён набраў 9 (4+5) ачкоў па сістэме «гол + пас». У матчах з удзелам Яўгена зборная Беларусі атрымала 15 перамог, 10 разоў згуляла ўнічыю і 25 разоў саступала сапернікам.
– Я хачу для ўсіх сказаць: 50 – гэта вельмі добрая лічба, – адзначыў Віктар Ганчарэнка, віншуючы нашага земляка. – Але, каб было 100 і больш, трэба, каб былі пападанні ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы і чэмпіянату свету. Па-іншаму ніяк не атрымаецца.. І мы ўсе павінны да гэтага імкнуцца.
– Адметная лічба, і я вельмі рады, што дасягнуў яе, – пракаментаваў гэтую падзею Яўген Яблонскі. – Дай Бог, працаваць далей, каб гульняў было больш. І, натуральна, хочацца дамагчыся вялікіх мэтаў.
Капітан
З улікам сакавіцкіх таварыскіх сустрэч у Яўгена Яблонскага ўжо 52 матчы ў футболцы нацыянальнай зборнай Беларусі. У гульнях са зборнымі Кіпру і Арменіі, якія завяршыліся перамогамі беларусаў (1:0 і 2:1, адпаведна), ён быў капітанам.

Адметна, што матч з армянамі стаў для Яблонскага дваццатым у гэтай якасці. Па колькасці гульняў з капітанскай павязкай на рукаве ён дагнаў Аляксандра Глеба і дзеліць з ім трэцяе месца. Вышэй – толькі Сяргей Гурэнка (53) і Аляксандр Мартыновіч (43).
Галеадор
А яшчэ ў матчы са зборнай Арменіі Яўген Яблонскі вызначыўся ўзяццем варот. Ён адкрыў лік у сустрэчы на 8-й хвіліне, скіраваўшы мяч у сетку галавой.

Цяпер на рахунку нашага земляка 5 забітых мячоў у складзе нацыянальнай зборнай краіны і 10 (5+5) ачкоў па сістэме “гол + пас”.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота з адкрытых крыніц