Меню
 —  Спорт

Міні-футбол: чэрвеньскія юнакі — у фінале першынства Мінскай вобласці

Каманда Чэрвеньскай ДЮСШ выйшла ў фінал першынства Мінскай вобласці па міні-футболу сярод юных спартсменаў 2013-2014 гадоў нараджэння.

Паўфінальны матч, у якім нашы юныя футбалісты сустрэліся на сваёй пляцоўцы з выхаванцамі Пухавіцкай СДЮШАР, трымаў у напружанні з першых і да апошніх секунд. Госці ад пачатку вырашылі згуляць з пазіцыі сілы. І сіла гэтая была заўважная няўзброеным вокам: пухаўчане відавочна пераўзыходзілі нашых па росту і вазе. Чэрвеньцы зацята абараняліся, але ўсё ж падчас адной з атак сапернікі здолелі адкрыць лік.

Здарылася гэта на 7-й хвіліне сустрэчы. А яшчэ праз шэсць хвілін нашы адыграліся, прычым зрабілі гэта бліскуча. Глеб Бубенька і Яўген Снытко наладзілі такую перапасоўку, што ў абаронцаў Пухавіцкай СДЮШАР проста закружылася галава. У выніку Яўген выйшаў на ўдарную пазіцыю і не прамахнуўся. Незадоўга да перапынку пухаўчане зноў выйшлі наперад, але ўтрымаць пераможны лік ім не ўдалося: на 30-й хвіліне дубль аформіў Яўген Снытко.

Асноўны час сустрэчы скончыўся ўнічыю – 2:2, таму лёс пуцёўкі ў фінал камандам давялося вырашаць у серыі пасляматчавых пенальці. Яе героем стаў палявы гулец Чэрвеньскай ДЮСШ Яраслаў Бярнацкі, які заняў месца ў варотах. Дзякуючы двум яго сэйвам, а таксама дакладным ударам Яўгена Снытко, Івана Пашкевіча, Глеба Яблонскага і Максіма Якаўлева нашы перамаглі па пенальці 4:2. У матчы за залатыя медалі яны згуляюць з салігорскім “Шахцёрам”.

Каментарый трэнера каманды Чэрвеньскай ДЮСШ Дзяніса Трапашкі:

– Эмоцыі, канешне, перапаўняюць… У паўфінале нам патрапіў моцны сапернік. Пухаўчане, як і мы, не пацярпелі ў чэмпіянаце ніводнага паражэння.

Маім выхаванцам было складана ў тым плане, што ў сапернікаў – габарытныя абаронцы, а ў нас – мініяцюрныя нападаючыя. Але яны справіліся. Больш за тое, мы павінны былі выйграваць у асноўны час з розніцай мінімум у тры мячы. Мелі тры выхады сам-насам з галкіперам, двойчы нашых апанентаў выратоўвала штанга і шмат разоў – галкіпер.

Самая шчырая ўдзячнасць – нашым заўзятарам. Іх падтрымка на трыбуне была важнай і вельмі патрэбнай.

– Уразіла камбінацыйная гульня, якую паказала наша каманда, асабліва – эпізод, падчас якога быў забіты першы гол…

– Так, мы на трэніроўках адпрацоўваем пэўныя камбінацыі. І гэта, дарэчы, не мяжа магчымасцяў.  Бо я ведаю, як могуць гуляць тыя ж Ваня Пашкевіч, Глеб Бубенька, і Жэня Снытко. Так, яны і сёння не апусціліся ніжэй свайго ўзроўню, але не паказалі максімум. Шмат у чым я разумею хлопцаў: цяжар адказнасці за вынік цісне, дзесці ідуць свядомыя перастрахоўкі. Галоўнае ж, што ўжо ў такім узросце яны разумеюць гульню і не баяцца гуляць. Мне як трэнеру гэта вельмі прыемна ўсведамляць.

– Амаль адначасова з заканчэннем матча ў Чэрвені стала вядома, што ў фінале сапернікамі нашых юнакоў будуць равеснікі з Салігорска. Як Вам такі расклад?

– Самае цікавае, у пачатку чэмпіянату я сказаў хлопцам, што мы будзем гуляць у фінале, і будзем гуляць з “Шахцёрам”. Так у выніку і атрымалася.

Канешне, гэта сур’ёзны, моцны сапернік. Дастаткова сказаць, што ў Салігорску ёсць свая футбольная акадэмія. А гэта – шырокія магчымасці адбору лепшых з лепшых. Таму будзе вельмі цікава пабачыць, як мы будзем глядзецца на ўзроўні такога саперніка.

– То бок для Чэрвеня выхад у фінал – ужо значнае дасягненне?

– Я не ацэньваў бы гэта такім чынам. Для мяне галоўнае, каб хлопцы раслі: ментальна, тэхнічна, фізічна. Каб яны развіваліся. Гэта самае важнае.

– Як лічыце, перамога над пухаўчанамі ў драматычнай барацьбе, па пенальці надасць дадатковай упэўненасці Вашым выхаванцам перад фіналам?

– Безумоўна! Хлопцы яшчэ больш згуртуюцца, яшчэ больш павераць у свае сілы. Бо яны ўжо ведаюць, што перамогі можна вырываць: на жылах, на сіле духу, на гранічнай канцэнтрацыі.

 Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Поделиться в социальных сетях:
Читайте также