Футбол: з чым ідзе да новага сезону чэрвеньскі “Колас”?
Напрыканцы красавіка стартуе рэгіянальны этап чэмпіянату Беларусі па футболу сярод каманд другой лігі ў дывізіёне “Мінская вобласць”. З чым ідзе да новага сезону чэрвеньскі “Колас”? Пра гэта – у экспрэс-інтэрв’ю, якое даў “Раённаму весніку” спартыўны дырэктар каманды Дзмітрый Чысты.

– За апошнія гады ўсе, хто цікавіцца чэрвеньскім футболам, прызвычаіліся да таго, што «Колас» пачынаў рыхтавацца да сезону задоўга да яго старту, штотыдзень праводзіў таварыскія матчы. Чаму сёлета ўсё інакш?
– У сезоне 2025-2026 каманда з Чэрвеня не ўдзельнічае ў чэмпіянаце Мінскай вобласці па міні-футболу, але мы правялі чэмпіянат раёна, дзе была задзейнічана даволі вялікая група гульцоў, якія выступаюць за “Колас” у вялікім футболе. Акрамя таго, шэраг нашых футбалістаў гуляе за іншыя каманды ў абласным чэмпіянаце па міні-футболу. Так яны падтрымліваюць фізічную форму. Таму мы з трэнерскім штабам вырашылі не адцягваць хлопцаў, не тузаць іх з залаў на вуліцу, разумеючы, што такія пераходы могуць прывесці да мікратраўмаў.
Сёлета афіцыйным пачаткам падрыхтоўкі «Коласа» да чэмпіянату Мінскай вобласці па футболу (ён жа – занальны этап чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі) стане двухдзённы таварыскі турнір у Бялынічах, у якім таксама будуць ўдзельнічаць мясцовая «Друць», сталічны «Энергетык» і «Ураджайная» (Мінскі раён). Гэтыя спаборніцтвы дадуць магчымасць паглядзець, хто ў якой форме знаходзіцца. Таксама плануем да пачатку чэмпіянату правесці яшчэ пару таварыскіх гульняў у максімальна блізкім да аптымальнага саставе.

– Ці можна ўжо сёння сказаць, якія змены будуць у камандзе. Хто сышоў? Ці з’явяцца ў «Коласе» новыя гульцы?
– Напэўна, як і большасць каманд, мы таксама атрымаем нейкія страты ў саставе. Паспрабуем кампенсаваць іх запрашэннем новых гульцоў. Плануецца, што сярод іх бу-
дуць і тыя, хто раней выступаў за «Колас». Прозвішчы пакуль называць не буду. Усяму свой час.
– Давялося пазнаёміцца з праектам рэгламенту сёлетняга рэгіянальнага этапу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі. Асаблівых змен у ім у параўнанні з мінулым годам не заўважыў…
– …Так, я быў на арганізацыйным сходзе ў Мінску. Плануецца, што формула рэгіянальнага этапу застанецца ранейшай. Тры групы, тры каманды выходзяць у фінальную частку другой лігі.
Шмат пытанняў узнімалі прадстаўнікі каманд. Я ўнёс прапанову дазволіць хлопцам, якія займаліся ў мясцовых спартыўных школах, а потым былі перададзены ў структуру прафесійных клубаў, гуляць за каманды сваіх гарадоў на абласным узроўні. У нас пяць-шэсць выхаванцаў Чэрвеньскай ДЮСШ гатовыя ўжо сёлета выступаць на дарослым узроўні. І мы хочам іх прыцягнуць у «Колас».
Маю прапанову прынялі да разгляду. Чакаем афіцыйнага рашэння. Плюс трэба будзе яшчэ дамаўляцца з кіраўніцтвам клубаў, у якіх хлопцы зараз знаходзяцца. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.
– Пра задачы “Коласа” на сезон, напэўна, казаць рана. І ўсё ж: настрой будзе на максімальны вынік, як звычайна?

– Мабыць, любы кіраўнік, трэнер, гулец любой каманды заўсёды разлічвае на максімальны вынік. Не важна, гэта звычайная трэніроўка, гульня ў двары ці афіцыйны матч. Кожны жадае перамагчы. Таму, зразумела, мы будзем ставіць максімальныя задачы. Галоўная з іх – перамагаць у кожнай гульні. Тым больш, што “Колас” – каманда, якая шмат чаго дамаглася за апошнія гады, і якую, калі не паважаюць, то хаця б баяцца. Мы маем рэпутацыю моцных. Трэба трымаць марку.
Зразумела, што мы не прафесійны клуб, у нас няма паўнавартаснага трэніровачнага цыкла. Тым не менш, будзем старацца гуляць на вынік, прыцягваць балельшчыкаў. Калі бачыш, што дзеці на стадыёне не выпускаюць нашых гульцоў з распранальні без аўтографа ці сумеснага фота – слёзы наварочваюцца на вочы. Для такіх момантаў варта гуляць у футбол!
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара