Міні-футбол: Чэрвеньская ДЮСШ — у паўфінале першынства вобласці!
Каманда Чэрвеньскай ДЮСШ працягвае паспяховае выступленне ў першынстве Мінскай вобласці па міні-футболу сярод юных спартсменаў 2013-2014 гадоў нараджэння.

На першым этапе спаборніцтваў выхаванцы трэнера Дзяніса Трапашкі пераканаўча выйгралі ўсе шэсць матчаў у сваёй групе (туры адбываліся ў Чэрвені, Барысаве і Крупках): 7:4 і 7:1 – у Барысаўскай ДЮСШ №2, 5:2 і 11:7 – у Крупскай ДЮСШ, 16:0 і 26:0 – у СДЮШАР Жодзіна.
Паводле рэгламенту першынства, набраныя ачкі заносіліся ў агульную табліцу. Па выніках групавога этапу футбалісты Чэрвеньскай ДЮСШ, набраўшы 18 ачкоў з 18 магчымых, занялі першае месца сярод 21 каманды-удзельніцы. Яны апярэдзілі равеснікаў з Пухавіцкай СДЮШАР, а таксама смалявіцкі “Легіён” і салігорскі “Шахцёр” па лепшай розніцы забітых-прапушчаных мячоў (71-14, плюс 57) і атрымалі права згуляць у 1/8 фіналу з шаснаццатай камандай у агульнай табліцы – Капыльскай ДЮСШ.

Гэтая гульня адбылася ў Чэрвені. Гаспадары пляцоўкі яшчэ да перапынку накідалі гасцям дванаццаць безадказных мячоў, а ў другім тайме завяршылі разгром капылян – 18:0.
У чвэрцьфінале жараб’ёўка вызначыла ў сапернікі чэрвеньцам каманду Крупскай ДЮСШ, якую яны двойчы абыгралі ў групе. Падрабязнасцямі гэтай гасцявой сустрэчы падзяліўся ў каментарыі “Раённаму весніку” Дзяніс Трапашка:
– На важны матч у Крупкі мы паехалі аптымальным саставам. Самае галоўнае для мяне было, каб усе былі ў страі, каб у кагосьці не было недамагання, траўм.
Гульня развівалася па нашым сцэнарыі. Першы тайм скончылі з лікам 3:0. Надзейна згулялі ў абароне: не далі сапернікам стварыць практычна ніводнага небяспечнага моманту ля нашых варот.
У перапынку сказаў хлопцам, што Крупкам губляць няма чаго, і, хутчэй за ўсё, яны вялікімі сіламі пойдуць наперад. Так і атрымалася. Спачатку мы забілі яшчэ два мячы, але потым сапернік вярнуўся ў гульню, і лік стаў 5:3.
Пасля гэтага ў гаспадароў пляцоўкі былі яшчэ моманты для ўзяцця нашых варот, аднойчы мяч трапіў у перакладзіну. Але дзякуй нашаму галкіперу Глебу Яблонскаму! Хлопец 2016 года нараджэння, фактычна на тры гады маладзейшы за футбалістаў Крупак, вельмі шмат нас выратоўваў у гэты складаны момант, калі сапернік злавіў сваю гульню. А яшчэ пры ліку 5:3 важны гол забіў Глеб Бубенька. Далей стала лягчэй.

Па выніку мы перамаглі 8:3 і выйшлі ў паўфінал. У гэтым матчы чатыры мячы забіў Яўген Снытко, два – Глеб Бубенька, па аднаму – Глеб Яблонскі і Цімур Шумко.
Сёння адбылася жараб’ёўка паўфіналаў. Сапернікам нашых футбалістаў будзе каманда Пухавіцкай СДЮШАР. Матч адбудзецца ў Чэрвені 17 сакавіка. Пачатак – у 12 гадзін. Прыходзьце ў СК “Ігумен” падтрымаць землякоў!
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара