Міні-футбол: чэрвеньскі «Колас» не прабіўся ў фінал Кубка Мінскай вобласці
Мінулымі выхаднымі чэрвеньскі “Колас” паўдзельнічаў у папярэднім этапе розыгрышу Кубка Мінскай вобласці па міні-футболу.

Дзве перамогі, адна нічыя і адно паражэнне не дазволілі нашай камандзе прабіцца ў фінал спаборніцтваў. Распавядаем, як усё было.
Пачалі “за здароўе”
Па волі арганізатараў турніру, “Коласу” сёлета давялося ехаць у Барысаў. Разам з ім у групу “В” трапілі мясцовы “Барысаў-ФАЦ”, “Клуб балельшчыкаў” з Маладзечна, вілейская “Вілія”, а таксама каманды “Беразіно” і “Жодзіна”. Віляйчане на спаборніцтвы не з’явіліся. Такім чынам, ва ўсіх удзельнікаў было па дзве гульні ў суботу і столькі ж – у нядзелю.

У склад “Коласа” ўвайшлі галкіпер Аляксандр Курыловіч, палявыя ігракі Дзмітрый Чысты, Дзяніс Трапашка, Ілья Казлоўскі, Ілья Завадскі, Юрый Весялоў, Мікалай Курбанаў, Уладзімір Хурсік, Павел Клімовіч, Дзяніс Сіманчык, Ілья Трапашка і Ілья Пачасуй. Першымі сапернікамі нашых футбалістаў былі маладзечанцы. Працяглы час “Колас” не мог узламаць абарону “Клуба балельшчыкаў”, і толькі за пяць з паловай хвілін да перапынку гэта ўдалося зрабіць. Ілья Завадскі перахапіў мяч непадалёк ад цэнтра поля, адпасаваў на Дзмітрыя Чыстага, той зрабіў перадачу на Уладзіміра Хурсіка. Пасля яго ўдару па варотах мяч патрапіў у аднаго з ігракоў маладзечанцаў і адскочыў да Іллі Завадскага, які ўдала згуляў на дабіванні – 1:0.
У пачатку другога тайма нашы падвоілі галявую перавагу: з перадачы Дзяніса Трапашкі вызначыўся Ілья Казлоўскі. Трэці мяч уляцеў у вароты “Клуба балельшчыкаў” пасля ўдару юнага дэбютанта “Коласа” Ільі Трапашкі, ювелірны пас якому аддаў Дзмітрый Чысты. А потым галкіпера маладзечанцаў прабіў Ілья Завадскі. Незадоўга да заканчэння матча чэрвеньцы прапусцілі, але гэта не сапсавала ім пераможны настрой – 4:1.
У другім матчы першага дня спаборніцтваў “Колас” гуляў з “Жодзіна”. Ужо на чацвёртай хвіліне сустрэчы мяч пабываў у варотах Аляксандра Курыловіча пасля яго ж не зусім удалых дзеянняў. Адыграцца нашым удалося бліжэй да перапынку. Уладзімір Хурсік бы на сподачку выклаў мяч у цэнтр штрафной пляцоўкі Іллі Казлоўскаму і той не прамахнуўся.
Пералом ў гульні адбыўся ў сярэдзіне другога тайма. Спачатку з вострага вугла вароты жодзінцаў паразіў Ілья Завадскі, а літаральна праз хвіліну дасягнуў мэты прыцэльны ўдар Дзмітрыя Чыстага з сярэдняй дыстанцыі. Напрыканцы сустрэчы, калі футбалісты “Жодзіна” перайшлі на гульню ў пяць палявых ігракоў, Ілля Трапашка пацэліў у іх неабароненыя вароты і ўсталяваў канчатковы лік матча – 4:1.
Скончылі “за спачын”…
Да другога гульнявога дня спаборніцтваў “Колас” падышоў з максімальным багажом ачкоў – шэсць. Столькі ж набралі і гаспадары турніру – “Барысаў-ФАЦ”, якія разграмілі каманды “Жодзіна” і “Беразіно – 12:3 і 10:1, адпаведна. Такім чынам, сустрэча паміж чэрвеньцамі і барысаўчанамі стала цэнтральным матчам у групе “В”. Менавіта ад яе выніку залежалі далейшыя турнірныя перспектывы каманд.

Да сярэдзіны першага тайма лік быў нічыйным – 0:0: больш атакавалі нашы сапернікі, але Аляксандр Курыловіч сцяною абараняў вароты. А потым “Колас” прапусціў кур’ёзны гол пасля розыгрышу сапернікамі штрафнога.
Катастрофа здарылася для чэрвеньцаў неўзабаве пасля пачатку другой паловы сустрэчы. Аляксандр Курыловіч вырашыў падключыцца пятым у атаку, але незнарок зрабіў перадачу на галаву саперніку і атрымаў мяч “за каўнер”. У сярэдзіне тайма “Колас” адквітаў адзін гол: з перадачы Ільі Завадскага забіў Ілля Казлоўскі, але пераможны для “Барысава-ФАЦ” лік 2:1 захаваўся да фінальнай сірэны.

Паражэнне ад барысаўчан практычна пазбавіла нашых футбалістаў шанцаў заняць першае месца ў групе. Існаваў хіба што неверагодны варыянт, пры якім тры каманды набяруць па дзевяць ачкоў і спатрэбіцца падлік розніцы забітых-прапушчаных мячоў у іх матчах паміж сабой. Але надзея на тое, што “Клуб балельшчыкаў” пераможа “Барысаў-ФАЦ”, ды яшчэ з патрэбным лікам, была прывіднай. Таму “Коласу” заставалася толькі браць тры ачкі ў гульні з “Беразіно” і чакаць вынікаў гульняў у трох астатніх групах у надзеі стаць лепшай другой камандай, для якой, паводле рэгламенту спаборніцтваў, прадугледжана пуцёўка ў фінал. Больш таго, пажадана было перамагаць бярэзінцаў з буйным лікам, каб атрымаць перавагу над канкурэнтамі з іншых груп.

На жаль, усе мары і спадзяванні разбіліся аб шчыльную абарону каманды “Беразіно”. Маючы ўтрая карацейшую лаўку запасных, нашы геаграфічныя суседзі касцямі леглі, каб перашкодзіць чэрвеньцам трапіць у фінал. Часу, каб адыграцца і выйсці наперад яшчэ хапала, што нашы і зрабілі. Спачатку Ілья Казлоўскі пакаціў мяч Дзянісу Сіманчыку, атрымаў ад яго скідку пад удар і параўнаў лік. А потым прынесла поспех атака пяць на чатыры: намаганні партнёраў па камандзе вынікова завяршыў Ілья Завадскі.
Здавалася б, вось яна, перамога, у кішэні. Але на апошняй хвіліне матча надарылася катастрофа… Нашмат горшая, чым у матчы з барысаўчанамі. Уладзімір Хурсік неабачліва пачаў абыгрываць саперніка на сваёй палове пляцоўкі, мяч выйшаў на аўт, пасля розыгрышу якога ігрок “Беразіно” магутна прабіў пад перакладзіну варот Аляксандра Курыловіча. Нічыя 2:2, у “Коласа” – сем ачкоў. І гэтага для выхаду ў фінал з другога месца не хапае…
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара