Футбалісты чэрвеньскага “Коласа” паспяхова пачалі другі круг чэмпіянату Міншчыны

Актуальное Спорт

Пасля нечаканага буйнога паражэння ў Салігорску, нашым футбалістам была патрэбная маральная перазагрузка. Зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі ўдалося на выездзе ў Маладзечна.

Праўда, атрымалася ўсё не адразу. Першы тайм сустрэчы з “ДЮСШ-4”, як гэта нярэдка бывае, даўся “Коласу” няпроста. Хаця лік адкрылі менавіта чэрвеньцы. Галявая атака атрымалася бліскучай: Дзяніс Сіманчык з глыбіні поля адпасаваў на правы фланг Аляксандру Каралёву, той зрабіў дыяганальную перадачу Віктару Кліміхіну, які і паразіў вароты з блізкай адлегласці. Аднак напрыканцы першага тайма футбалісты “ДЮСШ-4” забілі пасля навесу ў штрафную пляцоўку з вуглавога, і на перапынак каманды пайшлі пры ліку – 1:1.

Затое ў другой палове сустрэчы чэрвеньцы перайгралі гаспадароў поля па ўсіх накірунках. Ужо праз дзесяць хвілін пасля перапынку троххадоўка Асіпенка – Сіманчык – Кліміхін скончылася другім узяццем варот нашых сапернікаў. Усцешна, што Віктар, які ўпершыню пасля сур’ёзнай траўмы і працяглага перыяду ўзнаўлення выйшаў у стартавым саставе “Коласа”, аформіў дубль у гульні. Гэта вельмі падобна на паўнавартаснае вяртанне ў строй.

Далей надышоў зорны час моладзі. Свой рахунак забітым мячам у складзе нашай каманды, нарэшце, адкрыў Аляксандр Каралёў. Ён скіраваў мяч у вароты галавой пасля навясной перадачы Дзяніса Сіманчыка – 3:1.

А потым дэбютным голам за “Колас” адзначыўся наш малады нападаючы Павел Дзямчук, які замяніў Віктара Кліміхіна. Атрымаўшы выдатную перадачу ад Дзмітрыя Сацукевіча, ён выйшаў сам- насам з галкіперам “ДЮСШ-4”, адразу не здолеў яго перайграць, але атака прадоўжылася, і Павел забіў з перадачы Аляксандра Каралёва – 4:1.

Завяршыў разгром маладзечанцаў аўтар дзвюх галявых перадач Дзяніс Сіманчык. Выніковую атаку пачаў з глыбіні поля Дзмітрый Асіпенка. Ён адпасаваў на левы фланг Аляксандру Мінко, які дакладнай перадачай у штрафную вывеў Дзяніса на ўдарную пазіцыю – 5:1.

Пасля матча галоўны трэнер “Коласа” Дзяніс Трапашка даў традыцыйнае бліц-інтэрв’ю “Раённаму весніку”.

– Дзяніс Мікалаевіч, падобна, што першы тайм развіваўся зусім не па таму сцэнарыю, які планаваўся?

– Перад гульнёй крыху непакоіўся наконт таго, што ў другім крузе матчы з усімі сапернікамі будуць складанымі. На сустрэчу з “ДЮСШ-4” настройваў каманду самым сур’ёзным чынам. Мне здавалася, што на сваім полі маладзечанцы здольныя згуляць больш агрэсіўна.

Першы тайм мы, можна сказаць, адаптаваліся да мясцовых умоў: гарачыня, штучны газон. Да таго ж, атрымалася невялікая накладка: група ігракоў дабралася да Маладзечна са спазненнем. Адным словам, пакуль злавілі сваю гульню, ужо і першы тайм скончыўся.

– Пра што размаўлялі з ігракамі ў перапынку?

– Пераважна разбіралі персанальныя дзеянні нашых футбалістаў і сапернікаў, вызначалі хто, супраць каго і як павінен згуляць у другім тайме. У выніку ўсё атрымалася. Перамаглі, як кажуць, на вопыце і класе.

– Наколькі важная гэтая перамога?

– Вельмі важная. Бо, калі губляць ачкі з сапернікамі, якія знаходзяцца ў ніжняй частцы турнірнай табліцы, то цяжка разлічваць на поспех. Асабліва каштоўнае ў гэтай гульні тое, што дэбютныя мячы забілі Аляксандр Каралёў і Павел Дзямчук.  Каралёву фартуна, нарэшце, пачала вяртаць даўгі. Ён шмат працуе на полі, робіць галявыя перадачы амаль у кожнай гульні, і я вельмі чакаў ад яго забітых мячоў. Рады, што адчуў галявы смак і Павел Дзямчук. Вельмі дарэчным сёння быў дубль Кліміхіна. Я ніколі не пераставаў верыць, што Віктар вернецца пасля траўмы і будзе на вастрыні нашых атак. Увогуле ж, рады за кожнага, хто сёння выходзіў на поле. Усцешна, што не памыліўся ў выбары футбалістаў пры фарміраванні саставу на сезон. Дзякуй усім за самаахвярнасць!

На жаль, на выездзе ў Маладзечна не абышлося без непрыемнасці: траўму атрымаў наш паўабаронца і кіраўнік «Коласа» Дзмітрый Чысты. Ад усёй каманды жадаю яму хутчэйшага выздараўлення…

У нядзелю, 7 ліпеня, “Колас” згуляе на сваім полі чарговы матч чэмпіянату з аўтсайдэрам групы  – “Фалько” (Дзяржынскі раён). Пачатак – у 17 гадзін.

Ігар АДАМОВІЧ

“ДЮСШ-4” (Маладзечна) – “Колас” (Чэрвень) – 1:5.
29 чэрвеня. Маладзечна. Стадыён ДЮСШ. 40 гледачоў.
“Колас”: Сіліч, Мінко, Джугір, Кавальчук, Весялоў, Сацукевіч (Чысты, 75), Асіпенка, Сіманчык (Шмідаў, 77), Каралёў (Трапашка, 75), Шадурка, Кліміхін (Дзямчук, 62).
Галы ў “Коласа”: Кліміхін (14, 55), Каралёў (60), Дзямчук (65), Сіманчык (76).

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *