Іна Ерахавец: “Не граю роляў па жыцці”

Актуальное Культура

Дынамічная, энергічная, творчая, заўжды з усмешкай. Загадчык Руднянскага сельскага Дома культуры Іна Ерахавец і на інтэрв’ю прыехала, што называецца, на высокіх хуткасцях.

Усекунды прыпаркаваўшы аўто, бадзёрым крокам – адразу да ўваходу, быццам праляцела па ўсіх прыступках, на хаду распавёўшы пра графік бліжэйшага дня. Прыехала, дарэчы, не адна, а ў суправаджэнні:

– Не палохайцеся, гэта мой сябра!

Двухгадовы Пухляш – з разраду тых сабак, якіх адразу хочацца пагладзіць. Таварыскі, добрага нораву… Не дарэмна кажуць, што хатнія любімцы падобныя да сваіх гаспадароў.

– Іна, цэлае лета за Вамі назірала ўся Чэрвеньшчына. Не было і тыдня, каб Вашы мерапрыемствы не траплялі ў Тэлеграм-канал раёна. Гульнявыя праграмы для дзяцей, выступленні на праекце “Культурная серада”, канцэртныя нумары падчас святаў вёсак… Пералік можа быць досыць доўгім.

– Мне падабаецца працаваць там, дзе гэта карысна. Праводзіць мерапрыемствы, якія камусьці патрэбны. Не люблю рабіць штосьці бессэнсоўна. З задавальненнем іду на працу. У нашым Доме культуры сем аматарскіх аб’яднанняў, штомесяц я праводжу два дзесяткі мерапрыемстваў. Імкнуся прывабіць і зацікавіць як мага больш людзей рознага ўзросту, каб разнастаіць іх адпачынак.

Упэўнена: так робяць усе мае калегі. Тым больш, усё неабходнае для гэтага ёсць. У тым ліку і апаратура. Вядома, гэта не супер-мега-спецэфекты, якія ладзяць на вышэйшых мерапрыемствах. Але я гэтага і не хачу. Лічу, што ў сельскай мясцовасці павінна быць усё па-хатняму і больш прыбліжана да той атмасферы, калі ўсе збіраліся адной сям’ёй, адной суполкай, усёй вёскай. Каб проста было душэўна. А гэтыя спецэфекты, лічу, робяць з нас робатаў. Асаблівае месца для мяне займае праца з дзецьмі. Я чалавек такі: іду туды, дзе мяне чакаюць.

Дзеці – тыя, хто гатовы вучыцца многаму, слухаць, назіраць. Таму большая частка працы – я б сказала восемдзесят адсоткаў – для дзяцей: гульнявыя, тэатралізаваныя праграмы. Езджу ў іншыя клубы – Новазелянкоўскі, напрыклад. Там дзеці вельмі шчыра чакаюць, прычым цікава, што не толькі мясцовыя, а і прыезджыя – у прыватнасці, са сталіцы. І яны заўжды такімі вачыма глядзяць здзіўленымі і натхнёнымі, што думаеш: у Мінску ж шмат забаў розных, а бліжэй ім мы…

Увогуле, я люблю дзяцей – шчыра люблю. І гэта, я бачу, узаемна. Справа – не ў форме мерапрыемства, а ў тваім стаўленні. Ніякая самая захапляльная гульня не будзе дзейнічаць, калі не адкрыеш сваё сэрца. Галоўнае – атмасфера, якую ты ствараеш. Я ведаю: усе дзеці, якія прыходзяць да мяне, прыходзяць, каб адчуць сябе асаблівымі, таленавітымі, адчуць, што яны патрэбны.

Бо гэтага ім не хапае. Бацькі занятыя на працы, і на дзяцей сіл у іх часта не застаецца. А гэта ж самае асноўнае – любоў, пяшчота. Праўда, гэта вялікая аддача энергіі, але і ў адказ я ад дзяцей атрымліваю тую ж, а мажліва, і мацнейшую, энергію. У нас такі ўзаемаабмен: яны – мне, я – ім.

Іна Ерахавец ведае, пра што кажа. Нарадзілася яна ў Смілавічах, пражыла там сем год, а пасля яе з сястрой забралі ў школу-інтэрнат: мама дзяўчынак моцна хварэла, праз колькі год яе не стала, ну а тата…

– У бацькі лёс таксама не вельмі цікавы…

Пасля заканчэння школы-інтэрната Іна паступіла ў архітэктурна-будаўнічы каледж у Мінску. І потым дзяўчыну размеркавалі ў Рудню.

– Майстрам-будаўніком я тут папрацавала, – распавядае Іна. – У калгасе складана працаваць – гэта не сакрэт. А тут шукалі чалавека ў аддзяленне для людзей сталага ўзросту – арганізоўваць ім адпачынак. Я і пайшла. Як раз паступіла ў БДПУ на сацыяльную працу, адвучылася завочна. А пасля лёс прывёў сюды – загадчыкам Руднянскага сельскага Дома культуры. І вось 1 лістапада будзе пяць год, як працую тут. Магу сказаць, што з усіх працоўных месцаў, якія былі ў маім жыцці, гэтае даспадобы больш за ўсё.

Хаця, вядома, ёсць і свае складанасці.

– Іна, загадчык Дома культуры – гэта ж не толькі творчасць, але дакументы, фінансы, гаспадарчая дзейнасць…

– Так. І шчыра скажу: не хапае сакратара. Бракуе часу і творчасцю займацца, і арганізацыйную работу весці. У кожным кабінеце ў мяне ёсць стол, на якім стос папер. Думаю, я не адзіная такая. Ноччу сядзіш і працуеш з дакументамі.

– А калектыў дапамагае?

– Мой калектыў – гэта я, прыбіральшчыца і машыніст-качагар.

Іна ні ў якім разе не скардзіцца. Проста канстатуе факт. Ды і не ў яе правілах наракаць на лёс. Наадварот.

– Я не граю роляў па жыцці: усё – шчыра. І калі плачу, і калі ўсміхаюся. Упэўнена: людзі павінны пражываць любыя эмоцыі. Разам з тым веру: як ты захочаш сваё жыццё паставіць, такім яно і будзе. Можна ж і перашкоды, і выпрабаванні пераадольваць з усмешкай. У мяне трое дзяцей. Старэйшаму – дваццаць год. І ўсе гэтыя дваццаць год я іх выхоўвала па большай частцы сама. Было складана, але ж…

Іна Ерахавец чытае ўласны верш. Рыфмаваныя радкі – гісторыя яе жыцця. Пра дзяцінства, жыццё ў інтэрнаце, вучобу ў каледжы, калі пасля заняткаў спяшалася да немаўля… Кожны радок прасякнуты такой прагай да жыцця, што пачынаеш захапляцца гэтай моцнай і адначасова далікатнай жанчынай.

–  Калі выйдзе зборнік маіх вершаў, то ён будзе называцца “Пра тое, што баліць”… Дэвіз – ніколі не апускаць рукі. Такое маё жыццё: падаю – узнімаюся, падаю – узнімаюся… І Госпад побач – трымае за руку.

– Іна Ерахавец-вакалістка на сцэне заўжды шчырая. Вы штораз пражываеце тую гісторыю, пра якую спяваеце?

– Так, многія песні праходзяць праз мяне. Многія – пра асабістае. Наогул я люблю “смачныя” песні, у якіх класны тэкст. Канешне, гэта ў большасці сваёй рэтра. Раней складалі творы, якія насамрэч чаплялі за душу, і ўвогуле той рэпертуар, які я падбіраю, мне блізкі. Гэта Валянціна Талкунова, а таксама Ганна Герман, таму што яе песні спявала мне маці… Штосьці вось у гэтым дыяпазоне. Хаця магу спяваць і сучасныя, калі бачу, што людзі гэтага чакаюць. Народ любіць простыя кнігі, простыя словы – даводзіцца часам падстройвацца пад густы шырокай аўдыторыі.

– Як выхоўваўся Ваш густ?

– Мне асабліва не прывівалі любоў да культуры. Ну, у школе была настаўніца музыкі. Мы прыходзілі, тады касеты былі, яна паставіць, уключыць: давай, Іна, гэту песню спяваць. Так, ездзіла на конкурсы… Памятаю сваё першае выступленне – на сцэне школы-інтэрната. Мне было восем год. Песня была сумная, пра ворана – “Карлуша”…  Спевам мяне ніхто  не вучыў. І сёння я з дзецьмі дзейнічаю па той жа методыцы, што дзейнічалі і са мной мае педагогі. Не было заняткаў вакалам, пастаноўкі голасу, тэрмінаў з прафесійнага музычнага асяроддзя. Тым не менш гэты падмурак быў закладзены, зерне, якое пакрысе расло. Трэба проста даваць магчымасць дзецям выйсці на сцэну.

…Яна марыць правесці касцюміраваны баль-маскарад. Мара – з дзяцінства, калі Іна была частай госцяй у Італіі, дзе і ўбачыла, як можна па-сямейнаму і цёпла бавіць час літаральна ўсёй вуліцай, а то і кварталам, а то і невялічкім горадам. 

…Яна марыць, каб як мага даўжэй наша зямля была пазбаўлена штучнасці ў стасунках, у выглядзе, каб гэтая прастата, якая яднае чалавецтва, пражыла яшчэ хаця б пару-тройку гадоў.

…Яна марыць аднойчы сесці за руль аўто і адправіцца ў падарожжа па свеце і па Беларусі.

І ўпэўнена: усе ў нашым жыцці – Божыя анёлы. Проста ў чалавечым абліччы.

Вікторыя КАХРАМАН. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *